Дамавiкамерон (на белорусском языке), стр. 29

LIV. ГРЫБНIК

У Грыбнiка было запаветнае месца.

Уставаў Грыбнiк рана, гадзiны ў тры, i з вялiкiм лазовым кашом выходзiў з цёмнага соннага мястэчка. Ён любiў адзiноту i ноч перад золкам, любiў ранiшнi цяжкi туман.

Аднаго разу ў тумане ён напаткаў сямейства дзiкоў. Выйшаў на поле з хмызоў i ўбачыў, як з-за буртоў бульбы выбег вялiзны дзiк, за iм па раллi пабегла свiння з паласатымi кабанчыкамi. Грыбнiк пашукаў вачыма якога дрэва, каб, калi што, узлезцi i ўратавацца. Дрэваў не было: арэхавыя хмызы ды бясконцае бульбяное поле з нiзкiмi буртамi. Грыбнiк хацеў быў уцякаць, але перадумаў, бо дзiкi не заўважылi яго i мiрна беглi па раллi.

Пасля сустрэчы з дзiкамi Грыбнiку прыснiўся сон, у якiм паўтаралася спатканне з дзiкамi, толькi ў сне велiзарны кныр заўважыў яго i, разявiўшы iкластую пашчу, пачаў нападаць. Ад сполаху Грыбнiк прахапiўся i доўга не мог заснуць. Ён варочаўся на мулкiм ложку ў пакамечаных прасцiнах каля гарачай жончынай спiны i пераконваў сябе, што трэба набыць паляўнiчую дубальтоўку i, калi якая звяруга сунецца, дык пекануць у лоб свiнцовым жаканам.

Стрэльбу Грыбнiк не прыдбаў, бо не захацеў выпрошваць дазвол у мiлiцыянтаў. I адзiнай зброяй, якую ён браў у лес, па-ранейшаму быў стары сцiзорык.

Грыбнiк перайшоў чыгуначны пераезд i накiраваўся да балоцiстае лагчыны, парослай чэзлым бярэзнiкам, дзе паклаў у кош дзесятак вялiкiх "бабак". За лагчынаю пачыналася гара i бярозавы гай, у якiм на верасовых палянах Грыбнiк нарэзаў "чырвонагаловiкаў" i тых жа "бабак", толькi страйнейшых. З бярэзнiку праз поле ён пайшоў у невялiчкi ельнiчак пашукаць лiсiчак. Грыбнiк любiў лiсiчкi, бо растуць яны вялiкiмi сем'ямi дый не чарвiвеюць. У ельнiку лiсiчак не было, пэўна, ужо адышлi. Але Грыбнiк не засумаваў, бо наперадзе чакала запаветнае месца з баравiкамi. Месца тое - вузкая прычыгуначная лесапалоса. I трэба ж такому здарыцца, што менавiта ў ёй разраслася грыбнiца. Крэпкiя тоўстыя баравiкi выходзiлi ледзь не да самага адхону. Грыбнiк не ведаў лепшага вiдовiшча, чым высокi брунатны баравiк у смарагдавай траве.

Ён прайшоў праз чыгуначны пераезд, на якiм вiсклiва пазвоньваў апушчаны шлагбаўм. Каля пасястай дошкi стаяла жонка пуцявога абходчыка з жоўтым скручаным сцяжком. На галаве ў жанчыны нязграбна сядзела мужава чырвоная фуражка.

- Лёдзя, а дзе гэта мужык твой? - Грыбнiк паставiў кош на шлагбаўм.

- А чорт яго ведае, павалокся некуды. А тут вось таварняк у 10.20 трэба сустракаць. А ты, Вiталь, мусiць, грыбное месца недзе тут знайшоў, бо ўсё каля нашага пераезда круцiшся?

Грыбнiк зняў са шлагбаўма кош з грыбамi i незадаволена прамармытаў:

- Якiя тут грыбы каля смярдзючых шпалаў? Мухаморы дый паганкi, цi трутавiкi на дрэвах...

Каб не выдаць свайго запаветнага месца, яму давялося сунуцца ў другi бок, пераходзiць праз палатно i рабiць вялiкi крук. Нарэшце ён дайшоў да купкi высокiх елак, пад якiмi i пачыналася грыбнiца баравiкоў. Грыбнiк так захапiўся зразаннем i складаннем у кош магутных, iнакш не скажаш, грыбоў, што сам не заўважыў, як апынуўся каля яркай, жоўтай з чорным у крыжы, радзюжкi. На той, раскiнутай на iмху пад сасною радзюжцы задыхана стагнала жанчына. У яе памiж сцёгнаў хутка рухалiся ўверх-унiз мужчынскiя клубы. Радзюжку Грыбнiк пазнаў адразу, бо такая, жоўтая ў чорныя крыжы, была адна на ўсё мястэчка i выткала яе Грыбнiкова мацi. Каханкi не заўважылi напоўненага злой помслiвасцю Грыбнiка. Пуцявы абходчык смактаў белую шыю Грыбнiковай жонкi i пакiдаў на ёй свежыя ружовыя сiнякi.

- Зараз я вам... - мармытнуў Грыбнiк i схаваўся за елкаю.

У двары пуцявога абходчыка ён пагрукаў у акно зялёнага дагледжанага дамка. Неўзабаве на ганку з'явiлася абходчыкава жонка.

- Лёдзька, я вось толькi што мiлiцыянта Савiча сустрэў, ён на матацыкле ў Стоўбцы ляцеў. А мяне ўбачыў, спынiўся i папрасiў, каб я табе перадаў... Толькi ты не перажывай надта...

Лёдзiн твар стаў белы, як пясок каля пераезда.

- I не плач... Мужыка твайго машына збiла каля малаказавода. Ён яшчэ жывы. У бальнiцы. Але Савiч сказаў, што, мусiць, не выжыве, бо галаву яму моцна пабiла.

Лёдзя заскуголiла тоненька, па-сабачы.

- Ты, Лёдзя, у бальнiцу бяжы, а я пераезд павартую.

Абходчыкава жонка, як стаяла ў хатнiм халаце, так i пабегла ў мястэчка.

Грыбнiк зайшоў у дом. Ён ведаў, што ў абходчыка ёсць дубальтоўка. Яна вiсела на сцяне ў спачывальнi над шырокiм, засцеленым стракатай, бурачковай i сiняй у квадраты, радзюжкай. Рэмень з патронамi Грыбнiк зняў з цвiка ў кладоўцы. Узброены дубальтоўкаю ён рушыў у сваё запаветнае месца.

Спатолiўшы смагу кахання, абходчык i Грыбнiкова жонка пiлi самагон, заядаючы хлебам, салам i памiдорамi. За гэтым мiрным заняткам iх i заспеў Грыбнiк. Правая руля дубальтоўкi выплюнула набой шроту ў твар абходчыка пуцей, а левая - у спiну жонкi-здраднiцы, якая спрабавала ўцячы. Перазарадзiўшы стрэльбу, Грыбнiк два разы стрэлiў у горла жончынага спакушальнiка. Забiўшы яго, ён зноў жа два разы пусцiў шрот пад жончыну патылiцу. Трупы каханкаў Грыбнiк склаў побач i накрыў яркай, у крыжы радзюжкаю.

Паўпляшкi самагону ён выпiў з рыльца i са смакам закусiў чырвоным, як кроў, памiдорам.

Захмялелы Грыбнiк зняў чаравiк, сеў пад сасну i нацiснуў на курок вялiкiм пальцам босай нагi. Толькi нiводная шрацiна не трапiла ў сэрца. I праз якiх пятнаццаць хвiлiнаў Грыбнiку давялося ўстаўляць у рот дзве рулi стрэльбы, каб назаўсёды развiтацца з любай лесапалосай, поўнай крамяных баравiкоў.

Стрэлаў нiхто не чуў, бо iх паглынуў грукат цягнiкоў, таварняка i пасажырскага.

У турме скалечаны Грыбнiк вельмi пакутаваў, асаблiва напрыканцы жнiўня i ў вераснi. Ён любiў i мог гадзiнамi расказваць сваiм асуджаным на прымусовае зняволенне таварышам пра запаветныя месцы, пра лiсiчкi i чырвонагаловiкi.

- Каб яны ў якiм iншым месцы любiлiся, далiбог, не страляў бы, - казаў Грыбнiк i плакаў, успамiнаючы пакiнуты каля шлагбаўма кош грыбоў.

LV. ЛIРЫК

Яны зайшлi ў пустую кватэру.

- Зараз прыгатую каву, - сказала жанчына, калi здымала капялюш.

Лiрык моўчкi прайшоў у залю, дзе, цяжка ўздыхнуўшы, апусцiўся ў чорны скураны фатэль.

Жанчына прынесла на срэбным сподзе каву i канапкi.

- Чорную цi з вяршкамi?

- Чорную, - ледзь чутна вымавiў Лiрык.

Ён глядзеў на жанчыну халоднымi вачыма, як звычайна пазiраюць у тэлевiзар. Яна сядзела, адкiнуўшы плечы, каб лепш вылучалiся круглыя грудзi. Пад паўпразрыстай кашуляй чарнеў карункавы станiк.