Дамавiкамерон (на белорусском языке), стр. 16
- З мяне выцеча ўся кроў, - упэўнена прамовiла абiтурыентка i пачала абцiрацца хусткаю.
- Як ты пойдзеш? - пераадольваючы млосць, выцiснуў з сябе абiтурыент.
- Уздзену нагавiцы i пайду...
Яна ўжо зашпiляла гузiк на джынсах, калi зусiм побач зашамацела жыта i пачуўся гучны пранiзлiвы свiст. Абiтурыенты павярнулiся на гук i пабачылi мужчыну ў белым шаўковым строi, зялёнай кашулi ды жоўтым саламяным канацье. Ён высока ўзняў тонкi драўляны кiй, так дырыжор узнiмае палачку за iмгненне да ўверцюры, i сказаў:
- Вы, як бачым, ладны лапiк жыта выкачалi. I трэба вас пакараць. Але ўлiчваючы ўмовы, - пакаранне будзе няцяжкае. Каля вашых ног ляжыць камень. Вазьмiце яго i вынесiце з поля дый кiньце каля дарогi. Я - Палявiк i страшэнна не люблю камянёў, што ляжаць на палях.
Па гэтых словах Палявiк упаў у жыта дагары тварам, i па полi разышлiся хвалi, такiя кругi iдуць па цiхай вадзе, калi кiнеш камень.
Абiтурыент узяў на рукi цяжкi, як падняць, валун i, пахiстваючыся, рушыў да дарогi. Абiтурыентка iшла следам i несла перапэцканую марынарку.
Апошнi iспыт абiтурыент здаў на "выдатна", а вось абiтурыентцы не пашанцавала - паставiлi "двойку". Радасць i гора яны адзначылi паасобку: яна глядзела штучную эротыку ў вiдэасалоне, а ён з сябрамi пiў горкую настойку "Беларускую арыгiнальную".
XXXII. ПАСТУХ
Ад самае ранiцы сыпаў дождж. Пастух, хлопчык, iшоў за статкам i раз-пораз папраўляў велiкаватую, бо дзедава, кепку. Ватоўка набрыняла вiльгаццю i зрабiлася цяжкаю. Дождж церусiў на люстраную гравiйку, на пярэсты статак кароў, на груды, на прыдарожныя хмызы, на ўвесь Божы свет... Хлопчыка пакiнулi на дарозе, каб якая з кароў не высунулася на гравiйку i яе, крый Бог, не збiў самазвал.
У ватоўцы ляжаў пачак "Прымы" i запалкi. Пастуху закарцела папалiць, але ён саромеўся старых цётак, якiя абавязкова скажуць ягонай бабе, калi ён толькi запалiць. Хлопчык быў якраз у тым узросце, калi пачынаюць пацiху палiць у зацяг, але калi яшчэ год цi два саромеюцца рабiць гэта на вачах старэйшых.
Каровы скублi чэзлую траву на адхонах. Дождж патроху ацiх. Халаднаваты вецер пагнаў па небе спачатку цёмныя, а потым святлейшыя i зусiм белыя аблачынкi. У высокiм блакiце паўстала сляпучае, да зялёнага, сонца. Пастухi пагналi кароў на поплаў. Хлопчыка паставiлi запыняць ад рэчкi. Ён скiнуў ватоўку i зняў кепку, бо высокае сонца ўжо добра прыпякала. Захацелася пiць, але вада ў рэчцы плыла высокая i рудая пасля дажджу. Пастух пабег да старой, што пiльнавала кароў збоку поля, каб не стапталi грэчкi. У старой знайшлася бутэлька малака, заткнутая газетным коркам. Хлопчык выпiў палову, падзякаваў i пайшоў было да рэчкi. Але праз колькi крокаў спынiўся, каб яшчэ раз сказаць "дзякуй за малако".
Старая кабета стаяла на ўскрайку чырвонага поля грэчкi, тварам да хлопчыка. З-пад доўгае чорнае спаднiцы, памiж расстаўленых босых ног, на нiзкую траву з шалёсткiм шумам падаў iскрысты струмень. Хлопчык пачырванеў, як зачараваны, ён не мог адвесцi вачэй ад зiхоткага струменя, што ляцеў на зямлю i рассыпаўся на дыяментавыя драбочкi.
- Чаго стаў? Iдзi. Старая ўжо я, - загаварыла кабета. - Цi ж ты сам так не робiш?
- Раблю, - адказаў Пастух i павярнуўся да яе спiнаю.
Увечары зноў сабралася на дождж. I калi прыгналi статак у вёску, дык Пастух адразу пабег на балота да хлапцоў, што клалi вогнiшча, каб паспець да дажджу расказаць пра тое, як старая рабiла стоячы i нават спаднiцу не задзiрала. Пачаў накрапваць дождж. Пастух дабег да вогнiшча. Але так нiкому i не распавёў - пасаромеўся.
XXXIII. КАРЭСПАНДЭНТКА
Прывiтанне!
Адразу папрашу: абавязкова i неадкладна прачытайце мой лiст на тэлевiзii. Ён шмат каго папярэдзiць i прымусiць задумацца над уласнымi паводзiнамi.
Справа ў тым, што я пастаянна займаюся мастурбацыяй - сексам сам-насам.
Першы раз я задаволiла сябе ў чатырнаццаць гадоў. Мяне заўсёды вабiла ўласнае цела. Я любiла стаяць перад люстэркам i разглядаць свой твар. Уключала музыку, рухалася i назiрала за адбiткам. Прыдумала: распранацца i танчыць аголенай. Само па сабе атрымалася i гэта. Я нават спярша не зразумела, што адбываецца. Рукi самi песцiлi грудзi, пальцы знаходзiлi прыемныя зоны - пагладжвалi жывот i сцёгны, пакуль не трапiлi ў патаемнае месца. Было невыказна добра.
Танцы перад люстэркам занялi ўсе думкi, усе мары, засланiлi ўсе жаданнi... Я танчыла - танчыла штодня.
Мне - шаснаццаць гадоў. Я даволi прывабная дзяўчына, i шмат хлопцаў выказваюць мне сiмпатыi... У мяне больш чым дастаткова знаёмых мужчын, але, у адрозненне ад iншых дзяўчат, застаюся цнатлiваю, калi толькi можна так гаварыць пра чалавека, якi штодня з замiлаваннем глядзiць у люстэрка... Здаралася безлiч выпадкаў, калi я магла згубiць цноту, але... Цi патрэбна? Я задавальняю сябе цалкам. Больш таго, нiхто са знаёмых не вабiць мяне як уласна мужчына. Даволi дзiўна, праўда? Але пачуццё гiдлiвасцi выклiкаюць i дзяўчаты, асаблiва тыя, што самазадавальняюцца з дапамогаю фотакартак з тварамi вядомых тэлевiзiйных актораў. Зусiм незразумелае вычварэнне! Да думкi, што мне не падабаюцца нi жанчыны, нi мужчыны, я прыйшла нядаўна - мне зрабiлася страшна. Мне жахлiва, што нiколi не нараджу дзiця, нiкому не стану мацеркаю... Пужаюся, так-так, менавiта пужаюся сексу з мужчынамi. Нават не столькi страшна, колькi гiдка ад уяўлення сексу з мужчынамi. Ад адной думкi, што побач i ўва мне мужчына, - апаноўвае жудасць.
Можа, я ненармальная, i трэба лекавацца?
Але я не ведаю, да каго звярнуцца, бо мой любiмы адбiтак у люстэрку толькi задае пытаннi. Дзе ж адказ?
Зрэшты, не трэба чытаць мой лiст па тэлевiзii, бо ведаю: секс сам-насам найпрыемнейшы ў свеце занятак. А калi хто супраць, дык толькi таму, што нiчога не разумее ў асалодзе.
Бог з вамi.
Бывайце.
XХХIV. ДАМАВIК-5
Дамавiк назiраў за жанчынаю з цёмнага кута. Тая сядзела за пiсьмовым сталом i складала лiст у рэдакцыю папулярнага часопiса. Настольная лямпа ярка асвятляла аркушы, вырваныя са школьнага сшытка. Дамавiк чытаў:
"Прывiтанне, часопiс "АВС"!
Маё iмя - Анжэлiка. Мне дваццаць два гады. Працую сакратаркаю. Але асноўны занятак - прастытуцыя".
Жанчына спынiлася, перачытала напiсанае, закрэслiла iмя "Анжэлiка" i вывела "Iрына". Дамавiк немаведама нашто падмiргнуў. Жанчына пакусала тронак шарыкавай асадкi, закрэмзала "Iрына" i выпiсала "Галiна". Але i "Галiна" не ўтрымалася на перапэцканым месцы, бо замест яе з'явiлася грувасткае, як старажытны Рым, iмя Кунiгунда. Дамавiк у непаразуменнi пацiснуў плячыма. Лiст пiсаўся далей: