Койданава (на белорусском языке), стр. 2

Снiцца...

А вам снiцца iншае. Вам снiцца сваё, толькi вам належнае. Хай вам снiцца дзяцiнства - ваша вёска цi мястэчка, горад цi хутар... Хай вам снiцца дзяцiнства - час, калi вас любiлi.

Мне снiцца Койданава, наш койданаўскi сквер.

Той сквер, дзе Шурыку Мiлько, якому цётка Пэля адпiсала свой дом, хлопцы перабiлi ключыцу. Шурык вяртаўся з танцаў, да яго падбеглi хлопцы, адзiн з iх, нiчога не кажучы, перацяў Шурыка жалезным прэнтам. Шурык страцiў прытомнасць, а калi ачуняў, дык нiкога не было. У акрываўленай кашулi прыйшоў Шурык дамоў. У суд ён не падаваў, бо хлопцы са сквера, як даведалiся, што не таго, каго хацелi, пабiлi, хадзiлi да Шурыка штодня i прасiлi, каб не заяўляў. Грошай у хлопцаў Шурык не ўзяў, а кашулю ўзяў, бо ягоная была парваная i ў крывi. У мiлiцыю ён не заявiў, бо такi ўжо чалавек Шурык Мiлько - добры. Ён нават сабаку свайго, Арсiка, застрэлiць не мог, калi нейкая свалата Арсiку нiжнюю пашчэнку вывернула i зубы павыбiвала. Пакутаваў сабака, есцi не мог, i трэба было Арсiка застрэлiць. Шурык суседа Воўку Савiча прасiў, каб той застрэлiў, бо сам не мог. Сусед i застрэлiў Шурыкаву суку, якую клiкалi Арсiк, бо ўсе сабакi ў Мiлько былi Арсiкамi, i сукi, i кабялi, i ўсе гэтыя арсiкi былi страшэнна злосныя i прызнавалi толькi Шурыка. Адзiн з арсiкаў хадзiў з Шурыкам на льнозавод, дзе Шурык падзарабляў у час летнiх вакацый вартаўнiком. Шурык яшчэ браў на завод свой ровар "Спутнiк". Ён зацягваў ровар на дах высознага цэха i катаўся па краi даху, а Арсiк бегаў за роварам i брахаў на ўсё Койданава.

А ў нашым двары ўсе сабакi былi або Жулiкi, або Матросы. Праўда, была адна сука Тайга, але яна праз тыдзень, як яе прывезлi, уцякла. Першы Жулiк, якога я помню, быў белы i кудлаты. Ён хадзiў з жанчынамi на Захар'яш, Захарава балота. Жанчыны на балоце, у цёмнай вадзе, мылi бялiзну. Вада была бурштынавага колеру, а бялiзна ў ёй мылася надзiва добра. Жанчыны мылi прасцiны i складалi ў алюмiнiевыя мiсы, а Жулiк ляжаў у траве i лавiў мух. А потым у Жулiка пайшлi лiшаi.Каб дзецi не набралiся лiшаёў, павялi нашага Жулiка за жыдоўскiя могiлкi, у канаву, там яго забiлi i закапалi. Мы з Антосем Кiсялём на тым месцы крыж з трэсак паставiлi.

Мне снiцца Койданава.

Камянi... Камянi... Яны iдуць на груд, яны падставiлi шырокiя шурпатыя спiны койданаўскаму сонцу i iдуць на груд жыдоўскiх могiлак. Апошнiм, каго пахавалi на гэтых могiлках, быў аптэкар - Эня Цыканоўскi. Эня кахаў Лёдзю, прадаўшчыцу з рамбазы. На рамбазе ў невялiчкiм дамку пад блакiтным дахам была крама, у якой прадавалася ўсё: ад кiрзавых ботаў i галёшаў да цукерак i селядцоў. Каля гэтай крамы i чакаў лысаваты Эня сваю Лёдзю. Спачатку Лёдзя быццам i пагадзiлася пайсцi за Эню. Ды, на бяду аптэкару, з'явiўся на рамбазе малады афiцэр. Стала прыгожая Лёдзя хадзiць па койданаўскiх вулiцах з высокiм афiцэрам, а лысаваты Эня дарэмна прыходзiў на рамбазу. Не прайшоў i месяц, як загрымеў бубен на Лёдзiным вяселлi. Афiцэр за вясельным сталом сядзеў у чорным цывiльным гарнiтуры. А Эня Цыканоўскi тым часам выпiў у сваёй аптэцы. Эня выпiў не гарэлкi i не спiрту за здароўе маладых. Эня выпiў паўлiтра воцату, i яго не ўратавалi. Койданава гаварыла, што Эню Цыканоўскага панясуць хаваць у белым мяшку, а не ў труне, але пахавалi Цыканоўскага ў труне. А прадаўшчыца Лёдзя са сваiм афiцэрам з'ехала ў Сiбiр. Людзi казалi, што афiцэр кiнуў Лёдзю з двума дзецьмi, казаць казалi, але мала хто верыў.

Камянi... Камянi... Каменныя далонi на плiтах, каменныя зоры... Год за годам, вясну за вясною ўрастаюць камянi ў зямлю. Танкарогiя белыя козы пасвяцца на койданаўскiх жыдоўскiх могiлках. Хiтрыя гаспадары крадуць камянi i робяць з iх падмуркi сваiх дамкоў, але так робяць прыезджыя i прыблудныя, бо не зможа койданаўскi чалавек жыць у доме, якi стаiць на жыдоўскiх помнiках. Iншая справа, калi будавалi бальнiцу i бурылi рэшткi замка на Кальвiнскай гары, там людзi бралi i валуны на падмуркi, i цэглу. Але замак гэта замак, а могiлкi - гэта зусiм iншае. На Кальвiнскай гары таксама пасвяцца козы.

Непадалёк ад Кальвiнскай гары жыла самая прыгожая дзяўчына ў Койданаве Валя. Колькi было размоваў, за каго пойдзе Валя, каму з хлопцаў пашанцуе. Большасць была ўпэўненая, што Валя пойдзе за самага прыгожага хлопца ў мястэчку, за Ярака Ясюкевiча, бо такога прыгожага, як Ярак, трэба яшчэ пашукаць, i невядома, цi знойдзеш. Але лёс i ў Валi, i ў Ярака быў зусiм iншы, нiводная здагадка не спраўдзiлася. Прыгожая Валя ўтапiлася ў возеры. На вяселлi яна была за шаферку i са сваiмi двума братамi пайшла з таго вяселля на возера купацца, бо гарачыня стаяла страшэнная, сонца пякло цэлы тыдзень. П'яныя браты палезлi ў крынiчную ваду, i аднаму з братоў ногi скруцiла сутарга, ён пачаў тануць i хапацца за другога брата. Валя кiнулася ратаваць. Той, якога скруцiла сутарга, адпусцiў брата i ўчапiўся ў Валю. Валя з малодшым братам пайшла на дно, а старэйшы даплыў да берага, выскачыў i пабег на вяселле клiкаць на помач. Так ён i прыбег на двор, дзе грымела музыка i танчыў п'яны вясёлы народ, так ён i стаў пасярод двара мокры, у адных трусах. Калi вясельнiкi з вылупленымi вачыма стаялi на беразе i цяжка, засопшыся ад бегу, дыхалi, дык бачылi толькi малодшага з братоў, якi ляжаў на беразе i быў без прытомнасцi. Мужчыны палезлi ў ваду шукаць Валю i даволi хутка знайшлi яе цела пад прыбярэжным карчом. Спробы ўратаваць дзяўчыну былi марныя. Казалi, каб быў лекар цi каб на колькi хвiлiн Валю знайшлi раней, цi каб... Але казаць можна што заўгодна, а прыгожая Валя выратавала братоў, а сабе знайшла смерць у крынiчнай вадзе койданаўскага возера, пад прыбярэжным карчом. Плакала ўсё Койданава. Хавалi Валю ў белым строi нявесты, i ляжала яна ў труне, як жывая. За машынаю, на якой везлi труну, iшло столькi народу, колькi не iшло нi за адной iншай труною, бо не было ў Койданаве прыгажэйшай дзяўчыны. А каб Валiна апошняя дарога была хоць крышку даўжэйшая, машына тры разы аб'ехала вакол сквера. На Валiным помнiку браты напiсалi: "Трагiчна загiнула". Так i не пашанцавала нiводнаму з койданаўскiх хлопцаў узяць сабе за жонку прыгожую Валю.

А што да Ярака Ясюкевiча, дык ён страцiў сваю прыгажосць недарэчна i нечакана для ўсiх. Варыў ён бiтум у жалезнай бочцы. Бiтум закiпеў i плюхнуў Яраку на галаву, калi той падкладаў дровы ў агонь пад бочкаю. Выратаваць Ярака выратавалi, ён нават не аслеп, але пра нейкую прыгажосць гаварыць ужо не было нiякай падставы. Пасля бальнiцы Ярак пачаў пiць i хутка ператварыўся ў шэрую iстоту, якiя таўкуцца каля крамных дзвярэй у вечным чаканнi з пякельнай смагаю ў роце. Спачатку Ясюкевiча шкадавалi, а потым няўзнак пачалi абыходзiць. Вось такi лёс быў у самых прыгожых людзей з Койданава. Лёс даў Яраку i Валi прыгажосць, а потым з д'ябальскай жорсткасцю забраў яе.