Койданава (на белорусском языке), стр. 17

Ядзя ўладкавалася на магiлеўскую швачную фабрыку i сказала, што Глобусавай нагi больш не будзе ў яе хаце. А Ўладзiмiр не паверыў i ўсiмi праўдамi i няпраўдамi дамогся пераводу на службу ў магiлеўскi банк. Толькi Ядвiга сапраўды не пусцiла свайго мужа на парог. "Бацьку майго адправiў у архангельскi лес, а сам да мяне прывалокся. Стаiць i не пачырванее. Сораму ў цябе няма i не будзе..." - "Пра дачку падумай", - спрабаваў пярэчыць Уладзiмiр, але ўсе ягоныя пярэчаннi скончылiся грукатам дзвярэй.

Вось таму i падумала Ядзя пра Глобуса, як прапала дачка Нiначка, i паляцела ў банк, i ўсчынiла такi лямант, што, пэўна ж, увесь Магiлеў чуў. Ядвiга крычала, што ўсе вайскоўцы - нелюдзi, што Божачка iх пакарае маланкамi спалiць i громам паб'е, а калi ёй дачку не вернуць, яна возьме сякеру i пасячэ афiцэра Ўладзiмiра Глобуса на дробную драбнiцу. Банкаўскiя кабеткi ледзь супакоiлi раз'ятраную жанчыну, ледзь угаварылi глытнуць хоць бы кроплю вады. Збляднелы Глобус бажыўся дрыжачым голасам: "Не краў я дачкi. Далiбог не краў. Мацi да мяне прыязджала з Жылiхава. Тыдзень пажыла... Толькi нашто ёй тваё дзiця?" - "Яна! Яна дзiця звезла!" - захлынулася здагадкаю Ядзя, узрадаваўшыся, што хоць нешта праяснiлася.

Толькi на чыгуначны вакзал яна спазнiлася, цягнiк на Менск з гадзiну як ад'ехаў. Але ж мацi за сваё дзiця нi ў якай бойцы не адступiцца. I таму ў Менску Ядзя чакала цягнiка на пероне. А даехала яна ў сталiцу на спадарожных...

О, гэтыя спадарожныя машыны! Колькi разоў яны выратоўвалi нас!

А ў свой час дапамагалi яны i сем'ям Александровiчаў i Кiсялёў.

Увосень 1941 года, калi ўсе канчаткова зразумелi: распачатая вайна бальшавiкоў з фашыстамi зацягнецца надоўга, i было зусiм няясна, хто выйдзе з калатнечы ў пераможцы, цi то немцы, цi то расейцы, - вось тады каваль Ян i сталяр Вацлаў уцяклi з Архангельскай вобласцi i дабралiся на спадарожных машынах да сваякоў у горад на Дняпры. Маскалi спрабавалi ўтрымаць Магiлеў, але ўрэшце туды прыйшлi германцы. Фронт пасунуўся далей, а Кiсель з Александровiчамi знайшлi пабiты грузавiчок, адрамантавалi, пакiдалi ў кузаў транты i рушылi на захад. Грузавiчок, што працаваў не на бензiне, а на драўляных цурках, ледзь дапыхкаў да Менскага раёна, i кацёл трэснуў, заглух назаўсёды. Дзе пешкi, дзе на падводзе, а дзе на спадарожных дабiралiся сем'i ў сваю цiхую Рудзiцу. I дабралiся на радасць аднавяскоўцам, што больш як два гады пакутавалi без каваля i сталяра.

Новыя ўладары свету вярнулi Александровiчам i кузню, у якой так нiхто i не распалiў горн без гаспадара, i зямлю, i дом, дзе камсамольчыкi паспелi зладзiць клуб - знеслi перагародкi i паставiлi ў покуце сцэну. Сыплючы лаянку ў доўгiя падкручаныя вусы, рахманы каваль раскiдаў камсамольскую сцэну, парабiў наноў перагародкi, адрамантаваў сёе-тое з мэблi, паставiў новыя замкi, i сям'я зажыла цiха-мiрна i працавiта.

Яшчэ скажу, што Александровiчы i Кiсялi перад самай вайной паспелi параднiцца. Ядвiга, калi ганяла банкiра Глобуса, ужо мела намер пайсцi за Бронiка Кiсяля. Вяселля не рабiлi, Бронiк незаўважна перайшоў жыць да Ядзi, i ў iх нарадзiўся Вiцечка, толькi вось пражыло дзiця адно месяц i памерла ад запалення лёгкiх. Бронiк сам зрабiў труну i занёс пад пахаю на могiлкi.

А праз якi тыдзень у Ядвiгi ўкралi дачку. I звезла яе афiцэрава мацi, бо, як тлумачыла яна на менскiм пероне раз'юшанай нявестцы: "Ты ж, Ядзечка, жанчына зусiм маладая. Знайшла сабе роўнага мужчыну i жывi з iм. А дзецi ў вас яшчэ знойдуцца. Жыццё наперадзе. А ўнучку я i сама выгадую. Ёй у нашым Жылiхаве лепей будзе, чым у вашым Магiлеве. Яна ж толькi замiнаць будзе. Аддай Нiну мне..." Не аддала Ядвiга дачкi Нiны, вярнулася з ёю ў Магiлеў, а там новая бяда чакае: Бронiка забралi ў бальшавiцкае войска i пагналi на Фiнскi фронт.

I хай каму будзе за дзiва, але скажу, што праз сем месяцаў, ужо ў Рудзiцы, Ядвiга падаравала Нiне другога брата - Антона. З двума дзецьмi на руках Ядвiга перабралася ў Койданава, дзе на былым жыдоўскiм пляцы Кiсялi паставiлi дом.

Жыдоў немцы выбiлi, дамы абрабавалi i спалiлi, i засталiся на ўскрайку мястэчка нiчыйныя сады i гароды. Кiсялям у якасцi кампенсацыi за "жыдоўска-бальшавiцкi, як пiсаў беларускi фашыст Ганько, тэрор" немцы прапанавалi абгарэлы сад разам з падмуркам, бо iхную сталярню камунiсты збяёдалi, а хату разабралi i распрадалi на дровы. "Каб яны ўчадзелi з тых дроў", - казала Маня, жонка старэйшага Кiсяля. Можа, яе праклёны i даляцелi з Магiлева ў Койданава, бо жыдоў i камунiстаў немцы пачалi страляць у першы дзень, як толькi прыйшлi.

Пэўна, жыды ведалi, як абыходзiцца немец з iхнымi суродзiчамi ў Польшчы, i вось знайшоўся адзiн хлопчык, вось i зняў ён са сцяны бацькаву паляўнiчую стрэльбу, залез на гарышча i праз маленькае акенца пальнуў у афiцэра вялiкай i непераможнай Германii. Стрэлiў, трапiў i забiў вайскоўца, якi вёў у Койданава цэлы атрад узброеных шарагоўцаў. Полымя тады ўсю вулiцу i выкацiла. Хлопчыка разам з сям'ёю i суседзямi пастралялi. I засталiся на ўскрайку мястэчка чорныя пляцы, якiя немцы пачалi раздаваць сялянам з навакольных вёсак.

Прыблiзна тое самае здарылася i ў Рудзiцы. Польскi партызан забiў, засек шабляю койданаўскага палiцыянта, якi прыйшоў да сваякоў на хрэсьбiны. Рудзiцкiя сяляне, зразумеўшы, чым гэты iнцыдэнт скончыцца, уцяклi: хто ў блiзкi лес, хто ў Койданава да сваякоў, а хто i ў Бакiнава да знаёмых. У вёсцы пазаставалiся толькi старыя. I калi наранiцу фашысты ачапiлi вёску, дык па ўсiх хатах назбiралi толькi дзевяць мужчын дый кабет з дзецьмi чалавек дваццаць. Старэйшаму Александровiчу, якi не захацеў кiнуць кузню, пашанцавала... У абозе, што прыйшоў у Рудзiцу з немцамi, знайшоўся знаёмы мужчына - каваля Яна ведалi далёка. Мужчына i рызыкнуў сказаць кавалю, каб той сеў на ягоны воз, нiбыта i ён абознiк. Толькi не ўседзеў Ян Александровiч на возе, калi немцы пачалi страляць у аднавяскоўцаў, ускочыў, крычаць пачаў, што няма сярод людзей польскiх партызанаў, лаяўся, нават бiцца да салдат кiнуўся. Збiлi старога каваля, зацягнулi ў гумно, дзе на гнiлой саломе ўжо ляжалi пастраляныя мужчыны, зачынiлi гумно i падпалiлi. Ян апрытомнеў, спрабаваў ратавацца, зашыўся пад нябожчыкаў, пад гнiлую салому... Ён i не згарэў, ён задыхнуўся ў куродыме. Пахавалi яго разам з астатнiмi пакутнiкамi на могiлках, у брацкай магiле, на беразе цёмнай ад торфу рэчкi Рудзiцы. Пасля пажару вёска адбудавалася толькi напалову, большасць сем'яў перабралася ў Койданава на жыдоўскiя гароды, чаго-чаго, а iх у мястэчку яшчэ хапала.